Новости
ОбществоБДУІР далучыўся да акцыі «Чытаем па-беларуску»
Штогод у першую нядзелю верасня мы адзначаем нацыянальнае свята, якое мае для ўсіх нас велізарнае культурна-гістарычнае значэнне – Дзень беларускага пісьменства.
Гэтае свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай спадчынай, даўніх цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання. У 2025 свята духоўнасці, нацыянальнай культуры і кнігадрукавання будзе прымаць горад Ліда Гарадзенскага рэгіёна з 6 па 7 верасня.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Так, БДУІР далучыўся да акцыі «Чытаем па-беларуску». Праект нязменна суправаджае святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства, становячыся мостам паміж класічнай літаратурай і сучасным гледачом. На гэты раз менавіта «Радзіма мая дарагая...» Алеся Бачылы прагучала як натуральны выбар — як тэкст, у якім кожны знаходзіць асабісты сэнс: памяць пра дом, мову і традыцыі.
Беларускае пісьменства – гэта не толькі гісторыя, але і важны элемент нашай агульнай будучыні. Няхай дух беларускай культуры натхняе нас на новыя дасягненні і паспяховае развіццё!
Падрыхтавана прэс-службай