Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

1 учебная неделя

Новости

27.02.2023

Пераможцаў конкурсу творчых прац па беларускай мове ўзнагародзілі ў БДУІР

У першым семестры 2022/2023 навучальнага года кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін традыцыйна правяла для першакурснікаў конкурс творчых прац па беларускай мове. У канцы лютага арганізатары падвялі вынікі і ўзнагародзілі пераможцаў.

Удзельнікам далі шырокую прастору для творчасці. Ім было прапанавана 8 тэм, а конкурсная праца магла быць выканана ў форме празаічнага эсэ, апавядання ці паэтычнага твора. За аснову некаторых тэм былі ўзяты словы беларускіх пісьменнікаў: «Куды б цябе ні завяла дарога, не забывай бацькоўскага парога» (Пятрусь Броўка), «Радасна б’ецца ў кожнага сэрца, калі ён чуе пра славу і поспехі свайго роднага краю» (Кастусь Кірэенка), «Нямала раскідана ў свеце спакусаў - не бяжы на салодкі дым: нарадзіўся, жыві, будзь беларусам - як прадзеды і дзяды…» (Васіль Зуёнак) і інш.

Дыпломамі I, II, III ступені, пахвальнымі лістамі і падарункамі ад прафкома удзельнікаў узнагароджвалі дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі Васілій Бандарык, загадчыца кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін Валянціна Козел і выкладчыцы кафедры.


Як адзначае адказная за конкурс выкладчыца кафедры Таццяна Дапіра, моладзь - найважнейшы рэсурс грамадства, праз які рэалізуецца вялікая пераемнасць пакаленняў: «Вельмі ўсцешна, што першакурснікі ўдзельнічаюць ў конкурсе па развіціі нашай роднай беларускай мовы. Гэтымі працамі яны аддаюць павагу, даніну нашай народнай мудрасці, гістарычнай памяці і самасвядомасці беларусаў».


Конкурс яшчэ раз пацвярджае факт, што ў БДУІР вучацца вельмі таленавітыя і творчыя студэнты. Яны сябруюць не толькі з інфармацыйнымі тэхналогіямі, але і са словам. Ды так, што нават пішуць вершы.

Андрэй Філон:

На нашым брудна-белым свеце,
Дзе стары нёман бярэ шлях,
Дзе сосны пахнуць на балоце,
Паселі людзі ў лясах.

Усіх іх аб’яднала слова,
А хто, калі яго стварыў?
Стварыў яшчэ, назваўшы мовай,
І людзям нашым падарыў?

У вогнішчы руплівых думак,
Ён словы гэтыя каваў,
І на світанку мовазнаўства,
Пасля ў алеі гартаваў.

Ён гэтай мовай, быццам плугам,
Да так, што ўсё было ў пату,
Развіцця сцежкі год за годам,
Ствараў, араўшы цаліну!
<…>
Калі на полі пуста будзе,
Я зерне сеяць буду зноў,
Ах чалавек, ты праз стагодзі,
Трымай традыцыі дзядоў!

Ах людзі! Гіне наша слова!
Забыты ў полі плуг ляжыць,
Калі ты чалавек разумны,
Павінен з мовай разам жыць!

Ганна Глушко:

Недзе ў маленькай маёй Беларусі,
На граніцы з Польшчай, упарта
Стаіць прыгожая вёска бабусі,
Там дзяцінства правёў сваё тата.
<…>
Час змяняецца часам,
А дарогі да дому бягуць.
Ты калі праязджаеш, раптам,
Не забудзь і да іх павярнуць.

Выязджалі мы з вёскі моўчкі,
Не хацелася нам гаварыць.
Нейкім сумам і шчасцем упартым
Праз акенца закат той гарыць.

Я малюю і цюк мой, і хатку,
Каб у памяць схаваць галасы
Ды хоць трошкі кавалачкаў шчасця -
У дзяцінства бацькі масты.

Недзе ў маленькай маёй Беларусі,
На граніцы з Польшчай, упарта
Стаіць прыгожая вёска бабусі,
Там дзяцінства правёў сваё тата.

Мацвей Чыжык:

я з нараджэння беларус,
з краіны кветак і буслоў.
Я з той краіны, дзе мне сэрца
грэла матчына любоў.
З краіны Коласа, Купалы,
Радзімы полацкіх майстроў.
Я з Беларусі, з таго краю,
дзе на палях сцякала кроў
я з той краіны, што дзялілі,
хацелі захапіць усе
я з той краіны, дзе святыні
культуры помнік, не грашэй
<…>
Я з нараджэння беларус!
з краіны кветак і буслоў
Я сваім краем ганаруся
Ён мая радасць і любоў.


Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фотаздымкі: Андрэй Сіняўскі, прэс-служба БДУІР

Назад