Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Объявления

23.02.2021

Рэспубліканская выстаўка кніжнай графікі Беларусі

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася рэспубліканская выстаўка кніжнай графікі Беларусі "ILLUSTRATIO. Разнастайнасць тэхнік ілюстравання".
Уваход на выставу па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Праект будзе доўжыцца да 30 ліпеня 2021 г.
Дата заканчэння працы экспазіцыі можа быць зменена.
Тэл. для даведак: (8 017) 293 27 56

Мэта праекта - звярнуць увагу грамадскасці на каштоўнасць ілюстрацый у друкаваных выданнях, розныя графічныя тэхнікі стварэння ілюстрацый, дзякуючы якім, кнігі становяцца ўнікальнымі і непаўторнымі, наглядна прадэманстраваць высокі мастацкі ўзровень тэхнік ілюстравання і лепшыя ўзоры нацыянальнага кнігавыдання.

У экспазіцыі прадстаўлены факсімільныя выданні беларускага першадрукара Францыска Скарыны, "Манга" Кацусіка Хакусая, рэдкія выданні французскай паэзіі, хромалітаграфіі еўрапейскай моды канца 19 ст. і інш. На прыкладзе гэтых выбітных кніжных помнікаў можна прасачыць, як мяняўся падыход і тэхнічны складнік у афармленні кнігі. Выданні знаёмяць не толькі з разнастайнасцю існуючых тэхнік, але і з тэматычным і жанравым ахопамі кніжных выданняў.

На выстаўцы можна пабачыць графіку беларускіх мастакоў - афорты, літаграфіі, лінарыт, дрэварыт, акварэлі і аркушы ў іншых тэхніках. Работы класікаў кніжнай графікі ілюструюць творы беларускіх і сусветных паэтаў і пісьменнікаў, выданні аб гісторыі Беларусі, зборнікі казак для дзяцей і г.д.

Дапаўняе экспазіцыю кніжная графіка студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работы маладых мастакоў знаёмяць з эксперыментамі ў графічным дызайне і класічных друкаваных і ўнікальных тэхніках.

Акрамя наглядных прыкладаў кніжнай графікі ў экспазіцыю ўвайшлі навуковыя, навукова-папулярныя, вучэбныя выданні, прысвечаныя тэхнікам ілюстравання.

На адкрыцці выставы ў атрыуме бібліятэкі выступілі ўдзельнікі харэаграфічнага калектыву БДУІР "ОтражениЯ" (кіраўнік Антаніна Руткоўская). Танец стварыў узнёслую атмасферу і быў высока ацэнены гледачамі.

Назад