Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Удзел у гарадскім конкурсе навукова-даследчай дзейнасці мінскіх школьнікаў



З 18 па 22 студзеня 2021 г. адбыўся гарадскі конкурс даследчых работ у межах XL гарадской канферэнцыі навучэнцаў мінскіх школ. У складзе журы секцыі "Лінгвістыка" працавала старшы выкладчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін Анастасія Анатольеўна Албут. Між іншым, яе ўдзел у гэтым традыцыйным для г. Мінска мерапрыемстве штогадовы.

Усе ўдзельнікі канферэнцыі выступалі па відэасувязі. Змястоўныя работы былі прысвечаны асаблівасцям мовы мастацкай літаратуры і перакладаў замежных кінатвораў, вывучэнню беларускіх тапонімаў і беларускай анамастыкі, параўнанню ўстойлівых выразаў беларускай і англійскай моў, назвам касметычных сродкаў у беларускай мове і інш. Вылучаліся даследаванні моўна-краязнаўчага характару пра Мінск, у якіх аналізаваліся назвы станцый метро, вуліц і прапаноўвалася віртуальная экскурсія па Першамайскім раёне. Увагу журы прыцягнула даследчая працы, прысвечаная нефармальным назвам знакавых аб’ектаў сталіцы Беларусі, прынятыя сярод студэнтаў з Кітая, што навучаюцца ў мінскіх установах адукацыі. Варта адзначыць цікавасць школьнікаў і іх настаўнікаў да назіранняў за мовай у эпоху лічбавізацыі грамадства: школьнікі пад руплівым кіраўніцтвам сваіх педагогаў разглядалі тэрміналогію IT-сферы, беларускамоўныя хэштэгі, мемы, мову рэкламы. Плёнам першых крокаў у навуковай дзейнасці навучэнцаў сталі мабільныя дадаткі (праграмы), слоўнічкі, метадычныя распрацоўкі і дыдактычныя матэрыялы. Выклікае захапленне і павагу высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу-каферэнцыі, таму журы было не так лёгка адабраць найлепшыя работы для ўдзелу на рэспубліканскім этапе.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін дзякуе калектыву арганізатараў мерапрыемства з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі за магчымасць прыняць удзел у конкурсе, а таксама за прафесіяналізм і высокі ўзровень арганізацыі. Хочацца верыць, што сённяшнія школьнікі, стаўшы ў зусім блізкай будучыні студэнтамі (а магчыма, і нашага ўніверсітэта), працягнуць знаходзіць сябе ў свеце навукі, творчага пошуку на карысць грамадства.

Старшаму выкладчыку кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін Албут Анастасіі Анатольеўне аб’яўлена падзяка ад установы адукацыі «Мінскі гарадскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі» за высокапрафесійную працу на конкурсе.

гарадскім конкурсе навукова-даследчай дзейнасці