Сустрэча ў "Літаратурнай кавярні". Не адзіным гранітам навукі - як і што елі класікі мастацкай літаратуры

Падчас сесіі ці цяжкіх студэнцкіх ды і выкладчыцкіх будняў кожны з нас марыць пра сытны перакус, а гарачы напой накшталт гарбаты ці кавы становіцца галоўным палівам для мозгу. Аднак, як паказвае гісторыя, праблема «што б з'есці» была добра знаёмая і тым, хто ўвайшоў у гісторыю як класік айчыннай і сусветнай літаратуры.
11 лістапада ў сценах бібліятэкі нашага ўніверсітэта адбылася адметная культурная падзея, якая дазволіла па-новаму зірнуць на жыццё і творчасць сусветна вядомых літаратараў. Студэнты групы 620603 разам з выкладчыкам Ірынай Валянцінаўнай Наўроцкай сабраліся сустрэчу ў «Літаратурнай кавярні», каб даведацца, якія гастранамічныя таямніцы хаваліся за кулісамі вялікіх твораў.
Як высветлілася падчас цікавай інтэрактыўнай лекцыі, падрыхтаванай бібліятэкарам Юрыем Іванавічам Максіменкавым, побытавыя звычкі і смакавыя перавагі пісьменнікаў здольныя не толькі раскрыць іх характары з новага боку, але і стаць важным ключом да разумення літаратурных тэкстаў. Галоўным героем і кулінарным натхняльнікам сустрэчы, безумоўна, стаў Мікалай Гогаль.
Калі вы думалі, што М. В. Гогаль — гэта толькі пра містыку і «Вія», то вы памыляецеся. Мікалай Васільевіч быў сапраўдным кухмайстрам і фуд-блогерам свайго часу. Сучаснікі згадвалі, што пісьменнік не проста любіў паесці, ён быў аматарам гатаваць сам і частаваць сяброў. Падчас сваіх гастранамічных падарожжаў па Еўропе Мікалай Гогаль літаральна закахаўся ў Італію. З Рыма ён прывёз у Расію сапраўдны культ пасты. Пісьменнік сам варыў макароны так, каб яны заставаліся злёгку цвёрдымі (ідэальнае al dente), шчодра засыпаў іх сырам ды перцам і дадаваў сметанковае масла. Сябры Гогаля згадвалі, як ён з заміраннем сэрца кіраваў гэтым працэсам, нібы здзяйсняў нейкі абрад.
На сустрэчы згадалі і іншых геніяў, чые харчовыя звычкі сапраўды ўражваюць. Напрыклад, Анарэ дэ Бальзак — сапраўдны рэкардсмен па спажыванні кавы. Каб пісаць начамі, ён выпіваў да 50 філіжанак наймацнейшай чорнай кавы ў дзень! Пісьменнік сцвярджаў, што гэты напой «узрывае» яго мозг і прымушае ідэі маршыраваць, як батальёны. Леў Талстой, наадварот, у сталым веку прыйшоў да вегетарыянства і максімальнай прастаты. Яго ідэальны абед — аўсяная каша, яйкі і ўвогуле простая сялянская ежа. Антон Чэхаў любіў карасёў у смятане, Аляксандр Пушкін - печаную бульбу ды ружовыя бліны, якія атрымліваліся такімі пры дапамозе бурачнага соку.
Асаблівы каларыт сустрэчы надалі гісторыі пра класікаў беларускай літаратуры — Янку Купалу і Якуба Коласа. Якуб Колас вырас на простай вясковай ежы і пранёс любоў да яе праз усё жыццё. Яго фаварытамі былі наварысты жур (традыцыйны суп на аўсянай заквасцы), верашчака з хатняй каўбасой і, канечне ж, духмяныя бліны. Янка Купала таксама цаніў родную кухню, але, як чалавек гарадскі, любіў прымаць гасцей з вялікім размахам. За яго сталом заўсёды можна было пачаставацца не толькі дранікамі са шкваркамі, мачанкай і свежым хатнім хлебам, але і булачкамі з вішняй ды іншымі вытанчананымі прысмакамі. Кулінарыя для беларускіх класікаў была не проста ежай, а часткай нацыянальнай ідэнтычнасці, якую яны так ярка апісвалі ў сваіх творах (прыгадайма хаця б паэму «Новая зямля»).
«Літаратурная кавярня» ў бібліятэцы даказала: класікі былі такімі ж людзьмі, як і мы — са сваімі слабасцямі, любімымі рэцэптамі і кулінарнымі прыхільнасцямі. Так што адкрываючы наступным разам томік Якуба Коласа або Мікалая Гогаля, згатуйце сабе нешта карыснае ды смачнае з беларускіх страў. Удзельнікі сустрэчы ўпэўніліся, што аўтары ўхвалілі б такі падыход, паколькі шчыра лічылі, што нацыянальная кухня створана для душэўных размоў.