Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

2 учебная неделя

Новости

20.09.2022

«Размаўляй са мной па-беларуску» - у БДУІР распачаўся Тыдзень роднай мовы

Тыдзень беларускай мовы 19 верасня БДУІРаўцы распачалі з закліку «Размаўляй са мной па-беларуску». Такі дэвіз на пары па дысцыпліне «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» прапанавала студэнтам выкладчыца Таццяна Дапіра. Разам з ёй хлопцы і дзяўчаты паглыбіліся ў вывучэнне нацыянальнай адметнасці і аўтэнтычнасці беларускай мовы. На занятках таксама прысутнічала загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін Валянціна Козел.

Студэнты факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання цягам пары разважалі, якое месца займае беларуская мова ў славянскай і еўрапейскай моўнай супольнасці. Таццяна Пятроўна пазнаёміла студэнтаў з такім паняццем, як нацыянальная ідыяматыка матчынай мовы.

«Навучэнцы ўсвядомілі і на практыкаваннях упэўніліся, што кожнай мове ўласцівы спецыфічныя рысы, якія цяжка, а часам проста немагчыма патлумачыць з пункту гледжання дакладных правіл. Гэта хутчэй выключэнні, якія захоўваюцца ў нашай свядомасці і ў «гатовым выглядзе» праяўляюцца ў маўленні. Без іх натуральная мова губляе сваю нацыянальную адметнасць», - патлумачыла Таццяна Пятроўна.

Студэнты былі вельмі ўражаныя, наколькі ідыяматычная, то бок аўтэнтычная, беларуская мова са шматлікімі фразеалагізмамі і ўстойлівымі выразамі.

З выкладчыцай студэнты разважалі аб тым, што ідыяматычным нормам нельга навучыць машыну. Шматлікія электронныя перакладчыкі не могуць улічыць усяго спектра сувязей, у якія могуць уступаць моўныя адзінкі. Удзельнікі заняткаў практычным шляхам вызначылі, што штучны інтэлект не можа ўлічыць агульны змест выказвання, вертыкальны кантэкст, семантычнае вар’іраванне і стылістычную нюансіроўку, якія адыгрываюць не апошнюю ролю ў перакладзе. Студэнты спрабавалі праз інтэрнэт-слоўнікі skarnik.by, belazar.info, slounik.org перакладаць простыя, але этнічна матываваныя словы і фразы, і электронныя перакладчыкі з гэтым не справіліся.

«Студэнты ўбачылі, што ідыяматычнасць заўважаецца пры перакладзе тэксту з адной мовы на другую і выяўляецца ў немагчымасці літаральнага перакладу, у адрозненнях у лексіка-граматычнай і вобразнай структуры моў. Пасля такіх разважанняў хлопцы і дзяўчаты яшчэ лепш зразумелі, чаму родная мова - гэта паказчык суверэнітэту і непаўторнасці», - адзначыла Таццяна Пятроўна.

Падчас заняткаў студэнты не толькі працавалі з інтэрнэт-слоўнікамі, але і знаёміліся з друкаванымі выданнямі, карыснымі для развіцця як прафесійных кампетэнцый («Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов», «Сопоставительный курс русского и белорусского языков»), так і этнічна-камунікацыйных («Сучасная беларуская літаратурная мова», «Слоўнік новых слоў беларускай мовы»). Шчырыя ўсмешкі і замілаванне былі на тварах студэнтаў, калі яны сталі разглядаць пачак цукру і слоік сочыва: прыемна бачыць родныя сэрцу словы на прадукцыі, якая запаўняе паліцы ў крамах.

Напрыканцы заняткаў вельмі зацікаўлена і нават з вялікім задавальненнем навучэнцы выканалі «праверачную работу». Студэнты самастойна без слоўнікаў перакладалі з рускай мовы на матчыну назвы роднасці і сваяцтва беларусаў - тыя словы, што павінен ведаць кожны з нас: матуля, дачушка, сваяк, дзевер, прашчур, цётка, каханы, дзядуля ды іншыя.

«Размаўляй са мной па-беларуску» - дэвіз і заклік заняткаў, у якім адчуваецца жаданне выхаваць у студэнтаў няпрофільнай ВНУ павагу і гонар да сваёй нацыянальнай мовы. Спадзяёмся, што пасля такіх практычных заняткаў навучэнцы ніколі не будуць лічыць беларускую мову «прэснай» і «нясмачнай», а наадварот пачнуць выкарыстоўваць нацыянальную самабытнасць кожнага слова як каштоўную кампетэнцыю.

Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота: Андрэй Сіняўскі, прэс-служба БДУІР

Назад