Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

02.07.2021

Выпускнік Аляксандр Авяцюк пра выбар прафесіі, факультэт, дзе рыхтуюць праграмістаў і сістэму IT-адукацыі

Скончыўшы ў 2012 годзе фізіка-матэматычны ліцэй у Гомелі, Аляксандр Авяцюк паступіў у БДУІР на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Ужо ў школе хлопец ведаў, якую прафесію хоча атрымаць. Пагутарылі з Аляксандрам і даведаліся, што паўплывала на выбар ВНУ, чаму студэнт хацеў перавесціся на іншую спецыяльнасць і якія складанасці чакаюць першакурснікаў ва ўніверсітэце.

- Маю будучую прафесію вызначыла жаданне працаваць за камп’ютарамі. З усіх факультэтаў, якія рыхтуюць праграмістаў у нашай краіне, я разглядаў сур'ёзна толькі КСіС. Так сталася, што я прыйшоў ва ўніверсітэт у апошні год, калі студэнты вучыліся 5 курсаў, і ЦТ у нас яшчэ было складанае. Але па маіх падліках мне хапала балаў, каб трапіць на факультэт, на які я хацеў. Сярод спецыяльнасцяў на інфарматыку замахвацца сэнсу не было, а вось ПЗІТ і ВМСіС былі ў маёй заяве на першых месцах. Дарэчы, у той час мы маглі напісаць (калі не памыляюся) толькі 6 спецыяльнасцяў, а не ўсе, як цяпер. Чытаючы апісанні спецыяльнасцей на сайце, хацелася, канешне, больш на ПЗІТ. Але за тое, куды патраплю дакладна, я не вельмі хваляваўся. У нашага факультэта заўсёды быў цэтлік "тут рыхтуюць праграмістаў". Нават не памятаю, як даведаўся пра тое, на якой спецыяльнасці буду вучыцца. Ну ВМСіС і ВМСіС... Навошта бухцець? Мой тата скончыў падобную спецыяльнасць - на мяжы праграмавання і схематэхнікі, таму я ведаў, што тут я не згублюся. Рэтраспектыўна магу толькі станоўчымі эпітэтамі апісаць гэты развязак. Дарэчы, у мяне амаль што атрымалася пераадолець мяжу паміж ВМСіСам і ПЗІТам і перавесціся на апошнюю спецыльнасць пасля 1 курса, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...
— Раскажы, ці складана перавесціся на іншую спецыяльнасць?

— Скажам так: нічога нерэальнага ў гэтым няма. Мы з сябрам захацелі гэта зрабіць і перавяліся б, каб не перадумалі ў апошні момант. Вельмі доўга сумняваліся, ці варта яно таго. У выніку вырашылі, што не. А так для пераводу трэба добра вучыцца (каб быць у пачатку чаргі з такіх жа жадаючых) і быць гатовым здаваць акадэмічную розніцу. Пасля першага курса гэта прасцей за ўсё зрабіць. Ну вось і ўвесь сакрэт.

— Выкладчык і прадмет, якія табе больш за ўсё запомніліся. Чаму менавіта яны?

— Ну тут ВМСіСаўская класіка: Юрый Аляксандравіч Луцык, Іван Іванавіч Гляцэвіч. Такія сустрэчы не забываюцца. Чаму запомніліся? Юрый Аляксандравіч быццам бы апостал Пётр, што стаіць на ўваходзе ў спецыяльнасць і тлумачыць чаму, "дорогуша моя", некаторым тут не месца. А Іван Іванавіч падобна інквізітару: вучышся ты на другім курсе, ён у цябе нават не вядзе яшчэ, але ты ўжо адчуваеш, як цяжка прыйдзецца. Гэта што тычыцца сімвалізму. Апрача таго, канешне, Зміцер Іванавіч Самаль (прывітанне ад "салодкай троіцы", калі чытаеце і памятаеце). Тут нават не ведаю, што дакладна вылучыць. Добры выкладчык, яшчэ лепшы загадчык кафедры. Шкада, што такіх людзей у нашай сістэме адукацыі няшмат. Апрача таго, вядома, шмат пра каго можна было б расказаць, але вось гэтыя людзі асабіста для мяне склалі ВМСіС.
— Якія складанасці могуць сустрэць першакурсніка ў першыя месяцы навучання? Як ты параіш іх абысці?

— Ну тут можна толькі паўтарыць тое, што і так казалі мільён разоў: асноўная праблема, гэта пераход са школы (дзе заўсёды існаваў кантроль над працэсам адукацыі) у іншыя ўмовы, дзе чалавек мусіць самастойна арганізаваць час. Асабліва востра гэтае пытанне паўстае перад студэнтамі, якія пераязджаюць ад бацькоў у інтэрнаты ці на кватэры. І вось тут ужо ўсё цалкам залежыць ад асаблівасцяў чалавека. Не сакрэт, што розным людзям патрэбен розны час на выкананне аднолькавых заданняў, але не кожны здольны цвяроза ацаніць гэта і вызначыць момант, калі трэба пачаць выконваць заданні. Параіць тут можна толькі адно: вучыцеся размяркоўваць свой час. Але адначасна з гэтым хочацца дадаць, што днямі сядзець над падручнікамі ці кодамі таксама не трэба. На першым курсе ў студэнтаў ёсць шмат магчымасцяў весела і цікава бавіць час, вольны ад вучобы (нават у межах факультэта: студэнцкі савет - ❤) і гэтым варта карыстацца.
— Дзе ты працуеш цяпер? Ці лічыш, што адукацыя дапамагла табе падчас працаўладкавання?

— Я працую ў кампаніі Sam-Solutions на пасадзе front-end распрацоўшчыка. Але пачынаў камерцыйную распрацоўку як android-распрацоўшчык, пасля чаго змяніў спецыялізацыю на тое, што больш даспадобы. Не магу сказаць, што мне не дапамог універсітэт: менавіта мой выкладчык запрасіў мяне калісьці ў кампанію. Зараз даволі складана вызначыць дакладна, наколькі мне дапамагае адукацыя на працы. Што тычыцца тэхналогій, больш за 90 % я не вывучаў ва ўніверсітэце. Але ён быў карысным у іншым: шмат якія рэчы вынікаюць з таго, што я атрымаў у БДУІР (і не толькі на занятках). Пару дзён таму, напрыклад, спатрэбіліся графы - упершыню з таго моманту, як я бачыў іх на занятках. Адно магу сказаць дакладна: каб працаваць у ІТ і быць адмыслоўцам, дыплом зусім не патрэбны. Але падчас атрымання адукацыі ёсць магчымасць значна палепшыць веды, якія дапамогуць стаць добрым адмыслоўцам.

— Наколькі нам вядома, ты выкладаеш у студэнтаў БДУІР некаторыя прадметы...

— Я прымаю толькі лабараторныя. Дарэчы, гэты семестр — апошні. Хацелася паглядзець, як гэты працэс выглядае з іншага боку. Паглядзеў — не вельмі спадабалася. Затое пачынаеш уяўляць, як павінна выглядаць сістэма ІТ-адукацыі, і разумець, што так ніколі не будзе)

— Ці не шкадуеш, што паступіў у БДУІР?

— Я вельмі задаволены сваім выбарам, універсітэтам, і (што найболей важна) факультэтам. Магчыма, заслуга ў гэтым не толькі адміністрацыі і адукацыйнай праграмы, але і соцыума, які складваецца на ФКСіС.

Назад