Новости

Общество
17.11.2020

З Днём студэнта, БДУІР

Міжнародны дзень студэнта адзначаецца 17 лістапада. Гэта свята было ўстаноўлена на Сусветным кангрэсе студэнтаў у 1946 годзе.

Віншуем усіх студэнтаў са святам! Студэнцтва - час, насычаны новымі знаёмствамі, адкрыццямі і надзеямі. Перш за ўсё жадаем вам падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі знайсці саміх сябе. Стаўце перад сабой мэты, дасягайце іх, заўсёды ідзіце толькі наперад, але абавязкова заставайцеся вернымі сваім прынцыпам і жыццёвым каштоўнасцям. Хай на вашым шляху будуць толькі перамогі. Жадаем, каб заняткі праходзілі хутка і цікава, экзамены здаваліся паспяхова, а выкладчыкі заўсёды вас падтрымлівалі!

Павіншаваў студэнтаў са святам таксама і Валанцёрскі цэнтр БДУІР. Валанцёры на перапынках частавалі хлопцаў і дзяўчат вітамінамі - яблыкамі і грушамі, павышалі студэнтам настрой цікавымі прадказаннямі на дзень і салодкімі прызамі.

На факультэце інфакамунікацый студэнты разам з Таццянай Печань правялі пазнавальныя віктарыны па фаўне Беларусі, Чырвонай кнізе і па беражлівым карыстанні паперай. Спачатку вядучыя паказалі прэзентацыі па гэтым тэмам, а пасля задавалі прысутным пытанні. Балы, якія ўдзельнікі зарабілі за правільныя адказы, абменьваліся на прызы.

Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота: Максім Максак, прэс-служба БДУІР

Назад