Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

Общество
30.03.2020

Студэнты БДУІР распрацоўваюць праект, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Валанцёрскі праект пад рабочай назвай "Па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі" распрацоўваецца са снежня 2019 года. Яго ініцыятарам стаў Дзмітрый Белакапытаў, студэнт 3 курса інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР, член Прэзідыума Маладзёжнай палаты 5-га склікання пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў.

Такая ідэя хлопцу прыйшла, калі ў адной вёсцы ён убачыў два помнікі, прысвечаныя ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Месцы не былі зусім закінутымі, але аднаўлення патрабавалі.

"Я адразу падумаў пра тое, як шмат у нашай краіне падобных памятных месцаў, але, на жаль, пра многія мы амаль нічога не ведаем, - расказвае Дзмітрый. - Захацелася нагадаць усім пра наш гістарычны здабытак, які тычыцца такога важнага, гераічнага і адначасова трагічнага перыяду, як Вялікая Айчынная вайна. Ведаю, што дзеля гэтага робіцца многае, але, на мой погляд, існуе неабходнасць сістэматызаваць інфармацыю. Адзінай базы помнікаў у нашай краіне пакуль няма".


Дзмітрый Белакапытаў
Праект рэалізуецца пры падтрымцы бізнес-інкубатара БДУІР. На партале будуць змешчаны фотаздымкі ваенных помнікаў з усёй Беларусі. Таксама будзе пазначана інфармацыя пра тое, каму яны прысвечаны і ў якім стане знаходзяцца.

Камісія бізнес-інкубатара параіла зрабіць краўдфандынгавую платформу: на сайце будзе прадугледжаны збор сродкаў на аднаўленне помнікаў. Справаздачы з фотаздымкамі да і пасля, указаннем сум, затрачаных на работы будуць размяшчацца на партале.

Цяпер студэнты займаюцца зборам інфармацыі. Каб ахапіць усе населеныя пункты, яны трымаюць сувязь з прадстаўнікамі аблвыканкамаў. Працы яшчэ шмат, але ў планах каманды - запусціць сайт да 9 Мая. Паступова база даных будзе дапаўняцца.
Падрыхтавана прэс-службай БДУІР па інфармацыі "Настаўніцкай газеты"
Фотаздымак з архіва прэс-службы

Назад