Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

4 учебная неделя

Новости

Общество
03.05.2021

У БДУІР прайшла выстава "Зямля мая, ты кніга - непрачытана..."

На мінулым тыдні ў БДУІР адбылася выстава скульптур Валянціна Занковіча "Зямля мая, ты кніга - непрачытана...". Арганізатары - валанцёрская група Sporters - прысвяцілі яе вясне, вёсцы, беларускай мове і паэзіі.

На выставе былі прадстаўлены скульптуры Валянціна Занковіча, на якія яго натхніла сельскагаспадарчая праца: гэта і "Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на дзяўчыну…", і "Дажынкі", і "Помнік бульбе" і інш.

На пачатку выставы скульптар расказаў студэнтам, чаму частку сваёй творчасці ён прысвяціў гэтай тэме. Да 10-га класа Валянцін Занковіч пражыў у горадзе Вілейка, які ў той час быў абласным цэнтрам. Але нягледзячы на гэта, жыццё гаражан было звязана з сельскай гаспадаркай. "І мая сям’я была гаспадарчай. Усе займаліся гэтай справай, - кажа Валянцін Паўлавіч. - Вясной - пасеяць збожжа, потым дбайна даглядаць, восенню - сабраць і ўпарадкаваць ураджай… Так, усе гаспадарчыя справы былі ў маім дзяцінстве". А сёння скульптара хвалюе тое, што беларускія вёскі пусцеюць, і яму падаецца гэта не вельмі правільным.
Пасля аповеду Валянціна Паўлавіча студэнтка зачытала верш Ларысы Геніюш "Зямля мая, ты кніга - непрачытана...", які і даў назву выставе. І, здаецца, скульптар цалкам згодны з паэткай, якая склала такія цудоўныя радкі пра беларускую зямлю.
Душа мая крынічная, сунічная,
бярэзінка кужэльная ў гаі,
азёрная, пушчанская, пшанічная,
дзе зубр раве і звоняць салаўі.

Пасля такога лірычнага адступлення гасцей выставы пазнаёмілі з экспанатамі і патлумачылі, якім з’явам прысвечаны скульптуры. Так узгадалі выбарку бульбы, традыцыю, якая існуе і сёння, дажынкі, старадаўні абрад, звязаны з заканчэннем жніва, і інш.
Скульптура "Выбарка бульбы"
Скульптура "Каралеве палёў"
Студэнтка факультэта інфакамунікацый Дзіяна Алейнікава спецыяльна да выставы распрацавала прыгожую паштоўку, і студэнты змаглі атрымаць аўтограф Валянціна Занковіча.

Намеснік дэкана ФІК Таццяна Печань і студэнты факультэта ўжо даўно сябруюць са скульптарам, сочаць за творчасцю, наведваюць яго майстэрню. Гэтая выстава не першы сумесны праект архітэктара і студэнтаў. Такія мерапрыемствы праводзяцца ўжо некалькі год запар і сталі цудоўнай традыцыяй.
Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота: Максім Максак, Мікіта Пятрэнка, прэс-служба БДУІР

Назад