Факультэты БДУІР

Факультэт камп’ютарнага праектавання


Асноўнай адукацыйнай дзейнасцю факультэта камп’ютарнага праектавання (былы канструктарска-тэхналагічны факультэт) вось ужо больш за 40 гадоў з’яўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях інжынернага профілю, а таксама па запатрабаваных, прэстыжных і перспектыўных спецыяльнасцях IT-галіны з улікам сусветных тэндэнцый развіцця навукі і тэхналогій.

Наяўнасць такіх спецыялістаў неабходна для дзейнасці розных кампаній і прадпрыемстваў электроннай прамысловасці, садзейнічае больш эфектыўнай працы суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, а таксама забяспечвае высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі краіны на ўнутраных і знешніх рынках.

Навучанне спецыялістаў вядзецца з выкарыстаннем самага сучаснага абсталявання і праграмнага забеспячэння на базе створаных на факультэце міжнародных, вучэбных і навукова-вытворчых цэнтраў і лабараторый, а таксама на базе філіялаў кафедр факультэта на вядучых прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь.

Факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання


Факультэт з’яўляецца аднагодкам універсітэта. Сёння гэта буйны вучэбны і навуковы цэнтр, у якім навучаецца больш за 1700 студэнтаў, ёсць свае навуковыя школы, функцыянуе магістратура, аспірантура і дактарантура.

Навучанне вядзецца па чатырох перспектыўных спецыяльнасцях: "Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі", "Штучны інтэлект", "Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах", "Прамысловая электроніка".

На ФІТК рыхтуюць спецыялістаў шырокага профілю па IТ-тэхналогіях, якія лёгка зоймуць годнае месца на рынку працы.

Факультэт радыётэхнікі і электронікі


Мае багатую гісторыю, быў створаны ў 1964 г., калі з’явіўся Мінскі радыётэхнічны інстытут.

Сучасная радыёінфармацыйная сістэма прызначана для атрымання, фарміравання, прыёму, перадачы і апрацоўкі інфармацыі. Для рашэння названых задач неабходны спецыялісты, рознабакова падрыхтаваныя для працы з сучаснымі мікра- і нанаэлектроннымі ўстройствамі, здольныя прымяніць свае веды і талент для стварэння прынцыпова новых пакаленняў інфармацыйных сістэм.

Факультэт камп’ютарных сістэм і сетак


Факультэт камп’ютарных сістэм і сетак з’яўляецца адным з вядучых факультэтаў у Рэспубліцы Беларусь па падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў.

На сённяшні дзень на факультэце навучаюцца каля 2000 студэнтаў па чатырох спецыяльнасцях: «Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі», «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій»,«Электронныя вылічальныя сродкі».

Факультэт інфакамунікацый


Гісторыя факультэта бярэ пачатак у 1980 годзе, калі ў структуры Мінскага радыётэхнічнага інстытута з’явіўся факультэт электрасувязі. Сучасную назву факультэт атрымаў у выніку свайго пераўтварэння ў 2017 годзе, якое звязана з фарміраваннем на цяперашні час новай галіны - галіны інфакамунікацый.

Факультэт інфакумунікацый забяспечвае сучасную адукацыю для тых, каго вабяць электроніка і інфарматыка, хто жадае асвоіць інавацыйныя электронныя і інфармацыйныя тэхналогіі ў інфакамунікацыях, хто імкнецца быць запатрабаваным у сучасных сацыяльных і эканамічных умовах.

Студэнты факультэта атрымліваюць глыбокія веды ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, маюць навыкі распрацоўкі і ўкаранення новых тэхналогій у інфакамунікацыях. Гэта робіць нашых выпускнікоў канкурэнтаздольнымі ў сучасных рынкавых умовах і дазваляе хутчэй адаптавацца да рашэння прыярытэтных навукова-тэхнічных задач, што стаяць перад галіной інфакамунікацый.

Інжынерна-эканамічны факультэт


Быў адкрыты ў 1994 г., а ў 2004 перайменаваны ў інжынерна-эканамічны факультэт.

Інжынерна-эканамічны факультэт рыхтуе спецыялістаў з інтэграванымі ведамі ў галіне эканомікі і сучасных інфармацыйных тэхналогій, што выгадна вылучае падрыхтаваных на нашым факультэце спецыялістаў ад выпускнікоў эканамічных факультэтаў іншых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Факультэт інавацыйнай бесперапыннай адукацыі


Быў створаны ў 2017 годзе шляхам аб’яднання факультэта завочнага навучання і факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання.

Факультэт інавацыйнай бесперапыннай адукацыі прапаноўвае навучанне па вялікім спектры спецыяльнасцей БДУІР, дазваляючы атрымаць вышэйшую адукацыю і дыплом дзяржаўнага ўзору без адрыву ад месца працы і месца пражывання. Навучанне праводзіцца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, забяспечваючы як перыядычны, так і пастаянны дыялог з выкладчыкамі.

Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі


Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі з’яўляецца важным звяном у адзінай сістэме бесперапыннай інтэграванай адукацыі.

Непасрэдны ўдзел факльтэта ў адборы будучых абітурыентаў яшчэ на парозе школы з’яўляецца важнай умовай не толькі іх прафесійнай арыентацыі, але і садзейнічае якаснай падрыхтоўцы абітурыентаў да будучага навучання ў вышэйшай школе.

Ваенны факультэт


Ваенны факультэт ажыццяўляе падрыхтоўку кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, ажыццяўляе падрыхтоўку студэнтаў універсітэта па наступных праграмах: малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу.

Інстытут інфармацыйных тэхналогій


З’яўляецца адасобленым падраздзяленнем універсітэта, створаны ў 2001 годзе на базе спецфакультэта перападрыхтоўкі кадраў і павышэння кваліфікацыі БДУІР.