Новости

Общество
24.02.2017

"На сукенку магу пашкадаваць грошай, а на кнігу - ніколі": Таццяна Печань аб любові да мовы (+фотарэпартаж)

Асістэнта кафедры сістэм тэлекамунікацый Таццяну Міхайлаўну Печань у БДУІР ведаюць як актывістку, арганізатара мерапрыемстваў для студэнтаў, прыхільніцу здаровага ладу жыцця, спартсменку, якая прымала ўдзел у паўмарафонах у Барселоне, Адэсе, Мінску. Усё сапраўды так, але акрамя гэтага Таццяна Печань - аматарка беларускай мовы і літаратуры.

Таццяна Печань аб любові да мовы


21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, Таццяна правяла эксперымент - увесь дзень, на ўсіх сваіх занятках размаўляла з калегамі і студэнтамі па-беларуску.

У гэты святочны дзень яна зладзіла куратарскі час для першакурснікаў. На мерапрыемстве выступілі студэнты трэцяга курса з дакладамі аб жыцці і творчасці Францыска Скарыны (Павел Марыніч), Якуба Коласа (Вадзім Конюх), Петруся Броўкі (Андрэй Вайцехоўскі), Максіма Танка (Ірына Кайко).

"Да гэтага куратарскага часу я рыхтавалася са студзеня. Распавяла аб сваёй ідэі трэцякурснікам - яны ўспрынялі яе з энтузіязмам. Нават не патрабавалі ад мяне ніякіх узнагарод за гэта - ні адзнак, ні патуранняў. Некаторыя самі абралі для сябе аўтараў, іншым я параіла. Напрыклад, Петруся Броўку парэкамендавала таму, што нашы корпусы знаходзяцца на вуліцы, якая носіць яго імя. Францішака Скарыну - таму што сёлета мы святкуем 500 гадоў з таго дня, калі была надрукавана першая беларуская кніга", - распавяла Таццяна Печань.

На свой куратарскі час яна таксама запрасіла дацэнта кафедры сістэм тэлекамунікацый Валерыя Шалатоніна і драматурга Васіля Дранько-Майсюка, якія распавялі студэнтам аб сваёй асабістай любові да роднай мовы.

Таццяна сцвярджае, што з драматургам яе звяла любоў да творчасці Кузьмы Чорнага:

"Калісьці на імпрэзе я пабачыла Леаніда Дранько-Майсюка. І ён так чытаў верш "Пахне чабор" Петруся Броўкі, што, здаецца, я на самай справе адчувала водар! Сына знакамітага паэта і пісьменніка, Васіля Дранько-Майсюка, я сустрэла ў студзені - таксама на імпрэзе, прысвечанай Кузьме Чорнаму. І прапанавала яму прыйсці на свой куратарскі час, які запланаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. І ён мне не адмовіў".

Таццяна Печань аб любові да мовы

Куратарскі час, які прайшоў 21 лютага - не першая спроба Таццяны Печань і яе студэнтаў выказваць свае думкі па-беларуску. З красавіка мінулага года яны разам праводзілі шмат заняткаў, у межах якіх слухалі беларускія песні, ладзілі конкурс выразнага чытання, размаўлялі пра Год культуры.

"Летась я неаднаразова была на імпрэзах, якія арганізоўвалі ў музеі Петруся Броўкі у межах праекта "Чытаем свайго класіка". Гэта так цікава! Там распавядалі пра творчасць, жыццевыя абставіны знакамітых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І я вырашыла, што можна правесці такія лекцыі і для сваіх студэнтаў у межах куратарскіх часоў", - адзначыла Таццяна Міхайлаўна.

Кожны тыдзень, у нядзелю, яна размаўляе з сябрамі і сваякамі выключна па-беларуску. Яна лічыць, што галоўнае - пераадолець моўны бар'ер і не баяцца рабіць памылкі. Бо мова - гэта тое, што адрознівае нас ад прадстаўнікоў іншых краін і культур.

"Летась мы з братам былі ў Еўропе - размаўлялі, па звычцы, па-руску. І людзі, якія чулі там нашу гаворку, лічылі, што мы з Расіі. Тады я вырашыла - у наступны раз абавязкова буду размаўляць па-беларуску, каб усе ведалі, што ў нас таксама ёсць свая мова і беларусы - не прыдатак да Расіі".

Тым, хто пакуль не адчувае ў сабе сілы размаўляць па-беларуску, Таццяна рэкамендуе пачынаць чытаць кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Што датычыцца самой Таццяны - у яе з кнігамі асаблівыя адносіны:

"Я з тых людзей, дзеля якіх абавязкова, каб кніга была папяровай, а не электроннай. Бывае так, што надыходзіць час, калі пэўную кнігу патрэбна перачытаць. Тады я бягу ў краму і не шкадую грошай: на сукенку магу пашкадаваць, а на кнігу - ніколі".

Таццяна Печань аб любові да мовы

А вось спіс тых кніг, якія Таццяна рэкамендуе прачытаць усім зацікаўленым:

Алеся Літвіноўская, Глеб Лабадзенка "20 крокаў да беларускай мовы" (2 часткі). "Гэту кнігу мне парэкамендаваў Максім Максак, супрацоўнік прэс-службы БДУІР. Яна вельмі зручная, калі няма часу вывучаць мову па вялізных энцыклапедыях і слоўніках".

Яўгенія Янішчыц "Творы, жыццяпіс, каментарыі" (у 4 тамах). "Творы беларускай Ахматавай - Яўгеніі Янішчыц - мне вельмі блізкія. Увогуле люблю чытаць вершы, таму што гэта хутка: прачытаў - і адразу атрымаў задавальненне".

Ніл Гілевіч "У віры быцця". "Складаная кніга, але вартая, каб яе прачытаць і прачуць. У ёй - успаміны пра значныя падзеі грамадскага і культурнага жыцця, адлюстраваныя рэфлексіі пісьменніка, яго бачанне мінулага, цяперашняга і будучыні нашай краіны".

Рыгор Барадулін "Руны Перуновы", Максім Багдановіч "Я не самотны..." Якуб Колас. Выбранае. "У гэтых кнігах - выбраныя творы выбітных беларускіх паэтаў. Здаецца, рэцэнзіі ім не патрэбны!"

Віталь Бабіч "Семь историй о любви и катарсисе". "Гэта кніга майго калегі, супрацоўніка прэс-службы БДУІР. Увогуле яна на рускай мове, але я яе таксама рэкамендую ўсім. Асабліва мне падабаецца персанаж шостай гісторыі - прафесар беларускай філалогіі, - які вядзе размовы і чытае вершы па-беларуску".

Алена БОСАВА, прэс-служба БДУІР
Фота: Ксенія ГРЫГОР'ЕВА (калаж), Ганна МІХАЙЛАВА


Фотарэпартаж з куратарскага часу можна паглядзець ніжэй:

Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Таццяна Печань аб любові да мовы
Ключевые слова: Міжнародны дзень роднай мовы

Назад