Новости
03.10.2022
Выкладчык БДУІР правяла бінарную лекцыю для студэнтаў БДТУ
30 верасня намеснік дэкана факультэта інфармацыйнай бяспекі Таццяна Данейка ўдзельнічала ў правядзенні бінарнай лекцыі па дысцыпліне «Асобасна-прафесійнае развіццё спецыяліста» для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Запрасіла Таццяну Міхайлаўна дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі БДТУ Вольга Коваль.
Для бінарнай лекцыі - заняткаў, на якіх вучэбны матэрыял падаецца праз жывы дыялог двух выкладчыкаў, - была абрана тэма «Псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння ў сацыяльных групах. Бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце». Таццяна Данейка і Вольга Коваль акрэслілі асноўныя праблемы сацыяльнай псіхалогіі і сучасных тэхнічных магчымасцей для апасродкаваных зносін. Як адзначае Таццяна Міхайлаўна, праблемная форма падачы матэрыялу дазволіла раскрыць асаблівасці ўзаемадзеяння ў сацсетках: «Першакруснікам БДТУ я патлумачыла асноўныя правілы бяспечных паводзін у інтэрнэце, прывяла прыклады паспяховых адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў БДУІР. Студэнтам спадабаўся такі фармат лекцыі. Актыўнае ўзаемадзеянне двух лектараў са студэнцкай аўдыторыяй дазволіла арганізаваць добрую навучальную дыскусію. Атмасфера дыялогу, пошуку ісціны спрыяла пазітыўнаму настрою і пакінула яркія ўражанні». Студэнты БДТУ зацікавіліся валанцёрскімі і спартыўнымі праектамі БДУІР, пра якія расказала Таццяна Міхайлаўна, кіраўнік валанцёрскай групы Sporters і праекта «Захоўваючы памяць аб мінулым, будуем будучыню». «Першакурснікі тэхналагічнага ўніверсітэта зацікавіліся дзейнасцю Sporters, падпісаліся на нашыя сацсеткі, каб сачыць за абвесткамі мерапрыемстваў. Студэнты вельмі хочуць пазнаёміцца з архітэктарам і скульптарам Валянцінам Занковічам, з якім у валанцёраў БДУІР усталяваліся добрыя зносіны, і падключыцца да праекта "Захоўваючы памяць аб мінулым, будуем будучыню"», - расказала Таццяна Міхайлаўна.
Падрыхатавана валанцёрскай групай Sporters
|