Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

3 учебная неделя

Новости

27.09.2022

У БДУІР падвялі вынікі Конкурсу дасягненняў маладых выкладчыкаў

У 2021-2022 навучальным годзе ў БДУІР прайшоў Конкурс дасягненняў маладых выкладчыкаў. Ён праводзіцца для падтрымкі актыўнай вучэбна-метадычнай, навуковай, выхаваўчай працы і грамадскай дзейнасці выкладчыкаў. Камісія прааналізавала прадстаўленыя ўдзельнікамі матэрыялы, што адлюстроўваюць вынікі іх выкладчыцкай дзейнасці за навучальны год, і вызначыла пяць пераможцаў.

Пераможцамі сталі загадчык кафедры праектавання інфармацыйна-камп'ютарных сістэм Віталій Харошка (I месца), дацэнт кафедры абароны інфармацыі Вольга Бойпраў (II месца), старшы выкладчык кафедры праектавання інфармацыйна-камп'ютарных сістэм Арцём Фешчанка (III месца), старшы выкладчык кафедры інфармацыйных радыётэхналогій Аляксандр Лапатчанка (IV месца) і дацэнт кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій Аксана Шаўчук (V месца).

Напярэдадні Дня настаўніка, які адзначаецца ў гэтым годзе 2 кастрычніка, пагутарылі з Вольгай Бойпраў пра яе выкладчыцкую дзейнасць.

- Вольга Уладзіміраўна, якія дысцыпліны вы выкладаеце? Чаму абралі менавіта такі напрамак?

- На момант майго паступлення ў БДУІР спецыяльнасць "Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацях" была новай на факультэце тэлекамунікацый (адбываўся толькі другі набор на яе). Гэта спадабалася мне і прыцягнула ўвагу да такога кірунку. Цяпер я выкладаю дысцыпліны "Абарона аб'ектаў сувязі ад несанкцыянаванага доступу", "Абарона інфармацыі ў банкаўскіх тэхналогіях", "Абарона аперацыйных сістэм і праграмнага забеспячэння", "Асновы інтэлектуальнай уласнасці", "Абарона электронных прыладаў ад знешняга электрамагнітнага выпраменьвання". Некаторыя з іх выкладаю на англійскай мове.

- Чаму вам захацелася стаць выкладчыкам?

- Калі я вучылася ў дзявятым класе, мне давялося правесці ўрок матэматыкі для вучняў гуманітарнага класа. Настаўніцы патрэбен быў час для выстаўлення адзнак за паўгоддзе. Яна звярнулася да мяне з просьбай дапамагчы правесці ўрок. Напрыканцы яго настаўніца адзначыла, што ёй вельмі спадабалася, як я справілася з гэтай задачай. А яна такі чалавек, які задарма не хваліць. Больш за тое, у адзінаццатым класе яна шчыра раіла мне паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Аднак у мяне з сёмага класа быў план наконт паступлення ў БДУІР на факультэт тэлекамунікацый (цяпер - факультэт інфармацыйнай бяспекі). Паўплывала тое, што брат і бацька працавалі ў галіне сувязі, і я разумела карысць прафесіі сувязіста. Калі скончыла магістратуру, Леанід Міхайлавіч Лынькоў, які на той час быў загадчыкам кафедры абароны інфармацыі, прапанаваў павыкладать. Дзякуючы сваёй настаўніцы я падумала, што з мяне можа атрымацца нармалёвы выкладчык, таму прапанову Леаніда Міхайлавіча прыняла з радасцю.

- Што вас натхняе на выкладчыцкую і навуковую дзейнасць, прыносіць задавальненне ад працы?

- Мяне натхняе жаданне асвойваць новыя веды. У патрэбе шукаць і дазнавацца штосьці новае бачу асноўны плюс працы. Задавальненне мне прыносяць словы «Мы зразумелі», якія чую ад студэнтаў.

- Ці ўзнікаюць цяжкасці падчас працы са студэнтамі?

- Цяжкасці - не. Асаблівасці - так. І яны звязаныя з рознымі абставінамі. Студэнты могуць быць стомленымі - тады трэба больш марудна падаваць ім матэрыял. Студэнты з рознай хуткасцю ўспрымаюць інфармацыю - тады трэба да кагосьці падысці і растлумачыць дадаткова. Студэнты часам жадаюць пагаварыць не пра дысцыпліну, а пра тое, напрыклад, як дасягнуць сваёй мэты або зрабіць выбар - тады можна на некаторы час адысці ад тэмы заняткаў.

- Ці ёсць у вас асабістыя запаведзі выкладчыка, пэўныя прынцыпы, якіх вы прытрымліваецеся ў працы?

- Ёсць. Не думаць аб тым, што студэнты шмат чаго не ведаюць.

- Вы сталі адным з пераможцаў Конкурсу дасягненняў маладых выкладчыкаў. Для чаго, на ваш погляд, патрэбны падобныя конкурсы?

- Яны патрэбны для таго, каб маладыя выкладчыкі маглі напрыканцы навучальнага года зверыцца з мэтамі, якія ставілі перед сабой, і паставіць новыя задачы на наступны навучальны год. На мой погляд, някепска такія конкурсы арганізаваць не толькі для маладых выкладчыкаў, але і для вопытных.

Падрыхтавана прэс-службай БДУІР
Фота з архіва БДУІР

Назад