Новости
23.09.2022
У БДУІР адбылася акцыя «Адзіны дзень бяспекі»
У БДУІР прайшла акцыя «Адзіны дзень бяспекі». У холе вучэбнага корпуса БДУІР № 2 спецыялісты даносілі да студэнтаў інфармацыю, якая тычыцца бяспекі жыццядзейнасці, паводзін пры надзвычайных выпадках і аказання першай медыцынскай дапамогі.
На першай пляцоўцы камандзір разведвальнага звяна Іван Кашко і разведчык-дазіметрыст Аляксандр Кашкін распавялі студэнтам пра сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання, паказалі, як карыстацца процівагазам і апранаць ахоўны касцюм Л-1, які некаторыя студэнты нават прымерылі на сябе. На другой пляцоўцы інжынер Ігар Лагіновіч паказваў, як дзейнічаюць розныя прыборы радыяцыйнай і хімічнай разведкі, расказваў пра сродкі сувязі і метэаназірання. |
|
|
Проціпажарная служба нагадала студэнтам пра тое, як правільна карыстацца вогнетушыцелем і што трэба рабіць пры ўзгараніі.
Санітарнае звяно на сваёй пляцоўцы правяло майстар-клас «Аказанне першай медыцынскай дапамогі». «Адзіны дзень бяспекі праводзіцца па ўсёй рэспубліцы, і БДУІР абавязкова да яго далучаецца. Важна, каб кожны ведаў і памятаў тыя рэчы, якія мы сёння нагадваем студэнтам. Хацелася б, каб надзвычайныя сітуацыі не здараліся ўвогуле, але да ўсяго трэба быць падрыхтаваным. Гэта дазволіць хутка зарыентавацца і абысціся без вялікай шкоды для здароўя і ахвяр, - адзначыла камандзір санітарнай дружыны Іна Валава. - Спачатку студэнты насцярожана аднесліся да мерапрыемства, але нашыя спецыялісты іх зацікавілі. На пляцоўках можна было даведацца карысную інфармацыю, якая спатрэбіцца нават у паўсядзённым жыцці». «На імпрэзе даведалася карысную інфармацыю, цікава было паглядзець на розныя прыборы, якія выкарыстоўваюцца ў надзвычайных сітуацыях. Шмат што пачула пра вогнетушыцелі, хлопцаў увогуле вучылі карыстацца пажарным рукавом, - дзеліцца ўражаннямі студэнтка ФІБ Дар’я Марцінкевіч. - Цудоўна, што нам нагадалі, як аказваць першую медыцынскую дапамогу. Калі чалавек атрымлівае траўму, важна хутка зарыентавацца. Гэта магчыма, калі дакладна ведаеш, што і як рабіць. Мне самой даводзілася аказваць дапамогу. Сітуацыя была не вельмі сур’ёзная, але ўсё ж такі. Знаёмая звалілася з самаката і рассекла вусны. Я адразу вызвала хуткую і сама спрабавала спыніць кроў, прамывала рану вадой». |
|
|
Студэнт Ілья Сінькевіч лічыць, што важна надаваць увагу бяспецы жыццядзейнасці, каб у людзей у галаве адклаўся дакладны алгарытм дзеянняў пры надзвычайных сітуацыях: «Трэба перыядычна аднаўляць свае навыкі па аказанні медыцынскай дапамогі. Нам растлумачылі, што рабіць пры пераломах, страсенні галавы, апёках. Я навучыўся карыстацца маскай, якая абараняе ад газаў. Яна дае табе паўгадзіны, не больш, каб выйсці з зоны паражэння».
Студэнт Кірыл Іўлеў у сваёй групе выконваў ролю пацярпелага. «Цяпер ведаю, хто з аднакурснікаў зробіць мне прыгожанькую павязку пры траўме галавы, - жартуе студэнт. - Думаю, сам таксама змагу аказаць першую дапамогу. Яшчэ я прымерыў ахоўны касцюм Л-1, які прызначаны для працы ў зоне хімічнага паражэння. Спадзяюся, што нам гэта не спатрэбіцца, але цяпер я магу самастойна апрануць хімахову». Таксама ўсе ўдзельнікі прайшлі тэст па асновах бяспекі жыццядзейнасці, па выніках якога атрымалі салодкія прызы. |
|
|
Падрыхтавана прэс-служба БДУІР Фота: Максім Максак, прэс-служба БДУІР
|