Издается с сентября 1985 г.

con BSUIR

BSUIR

BSUIR

На шляху да сталіцы Беларусі

Вялікая Айчынная вайна прынесла на беларускую зямлю жудасныя пакуты, небывалыя зверствы і нечалавечую жорсткасць. Гэтыя старонкі шматвекавой гісторыі Беларусі напісаны крывёй мірнага насельніцтва і воінаў-вызваліцеляў. Бітва за Беларусь у 1944 годзе стала адной з найбуйнейшых ваенных катастроф Германіі. Агульныя страты гітлераўцаў у Беларусі летам 1944 г. перавысілі тыя, якія панеслі яны ў бітве на Волзе: было забіта звыш 382 тыс. і ўзята ў палон 158 тыс. салдат, афіцэраў і генералаў.

У тыя дні, калі ішлі баі пад Віцебскам, Оршай, Бабруйскам, войскі 2-га Беларускага фронту наносілі ўдары па цэнтральным участку Беларускага выступу. Яны павінны былі скаваць злучэнні 4-й нямецкай арміі ў вяршыні выступу, не даць ворагу магчымасці планамерна адыходзіць па магілёуска-мінскім напрамку, разграміць іх і тым самым забяспечыць паспяховы манеўр войск 3-га і 1-га Беларускіх франтоў па абыходзе і акружэнні асноўных сіл групы армій «Цэнтр» на ўсход ад Мінска. 26 чэрвеня злучэнні 49-й і 50-й армій (камандуючыя: генерал-лейтэнанты І.У.Грышын, І.В. Болдзін) пры актыўнай падтрымцы авіяцыі фарсіравалі Днепр. Увечары 27 чэрвеня выйшлі да Магілёва і замкнулі вакол яго кальцо акружэння. Цяжкі, кровапралітны бой працягваўся ўсю ноч. 28 чэрвеня Магілёў быў поўнасцю ачышчаны ад фашыстаў. Гітлераўцы страцілі 6 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і каля 3 400 палоннымі. Трапілі ў палон таксама камандзір 12-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Бамлер са сваім штабам і камендант Магілёўскага ўмацаванага раёна генерал-маёр фон Эрдмансдорф (Фон Эрдмансдорф на судовым працэсе ў Мінску ў 1946 г. як ваенны злачынца быў прыгавораны да пакарання смерцю праз павешанне). За гераізм і мужнасць, праяўленыя пры вызваленні Магілёва, 28 салдат і афіцэраў былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, а ўсяго за фарсіраванне Дняпра на поўначы і поўдні ад Магілёва і вызваленне горада гэта званне атрымалі 92 воіна 2-га Беларускага фронту. За шэсць дзён наступлення, з 23 па 28 чэрвеня 1944 г., пад ударам чатырох франтоў магутная варожая абарона на велізарнай прасторы паміж Заходняй Дзвіной і Прыпяццю была зламана. Былі вызвалены сотні населеных пунктаў, у тым ліку гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск. Цяпер перад савецкімі войскамі стаяла задача шляхам флангавых ахопаў з раёнаў Барысава і Асіповіч на Мінск завяршыць акружэнне, знішчыць галоўныя сілы 4-й нямецкай арміі, якая адступала на захад, і вызваліць сталіцу Беларусі. Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту на працягу 29 чэрвеня — 4 ліпеня прасунуліся на 120 км на захад, выйшлі на подступы да Літвы з усходу, поўнасцю ізалявалі адну ад адной групы армій «Цэнтр» і «Поўнач». Нямецкае камандаванне разумела сітуацыю, якая склалася, і рабіла адчайныя спробы спыніць наступленне Чырвонай Арміі, утрымаць Мінск. Самае моцнае супраціўленне ворага на мінскім напрамку савецкія войскі сустрэлі на рубяжы па рацэ Бярэзіна, асабліва ў раёне Барысава, Нова-Барысава і Зембіна. Хуткаму прасоўванню механізаваных злучэнняў 3-га Беларускага фронту садзейнічала баявая дапамога партызан. Яны скавалі рэзерв нямецкага камандавання — 391-ю, 201-ю, 221-ю ахоўныя дывізіі, якія вымушаны былі весці зацяжныя баі з народнымі мсціўцамі, раскідаўшы свае часці па вялікай тэрыторыі. Камандуючы 3-м Беларускім фронтам І.Д. Чарняхоўскі 29 чэрвеня аддаў загад камандуючаму 5-й гвардзейскай танкавай арміяй маршалу бронетанкавых войск П.А. Ротмістраву энергічна развіваць наступленне ў паласе аўтастрады Масква—Мінск і авалодаць Мінскам да зыхода 2 ліпеня 1944 года. Напрыканцы дня 2 ліпеня танкавыя карпусы 5-й гвардзейскай танкавай арміі выйшлі на Лагойскую шашу. Пад Астрашыцкім Гарадком завязаўся цяжкі бой, у выніку якога гэты населены пункт быў вызвалены. Апошняя перашкода на шляху да Мінска была ліквідавана. Перадавыя атрады 3-га гвардзейскага танкавага корпуса (камандзір генерал-маёр І.А.Воўчанка) 2 ліпеня распачалі баі на паўночнай ускраіне Мінска, а 29-ы гвардзейскі танкавы корпус (камандзір генерал-маёр Я.І. Фаміных) прасунуўся ў раён Заслаўя, дзе перарэзаў аўтамабільную дарогу, якая вяла ад Мінска на Маладзечна. Пасля фарсіравання Бярэзіны каля вёскі Чарняўка брыгады корпуса павялі наступленне на Мінск па цяжкадаступных балоцістых мясцінах праз партызанскую зону. Усе дарогі тут былі завалены, перакапаны канавамі, масты разбураны. Да вечара 2 ліпеня корпус выйшаў на подступы да Мінска. У раёне Каралёў Стан — Жукаўка — Гарадзішча гітлераўцы шалёна контратакавалі танкістаў, вялі агонь з супрацьтанкавых гармат. Страціўшы 10 танкаў і бронетранспарцёраў, яны адступілі. Некалькі машын у гэтым баі страціла і 4-я танкавая брыгада. У 3 гадзіны ночы 3 ліпеня танкісты корпуса завязалі баі ўжо на ўскраіне Мінска. Не сустрэўшы арганізаванага супраціўлення ворага па Маскоўскай шашы, яны прарваліся па Савецкай вуліцы (цяпер праспект Ф. Скарыны) да цэнтра горада. На подступах да Мінска і ў баі ў горадзе танкісты 4-й гвардзейскай танкавай брыгады знішчылі 15 танкаў, 4 штурмавыя гарматы, 52 палявыя гарматы і мінамёты, каля 3 тыс. салдат і афіцэраў ворага. 3 ліпеня танкісты 1-га гвардзейскага танкавага корпуса разам з войскамі 3-га Беларускага фронту ў 13 гадзін распачалі баі за поўнае вызваленне Мінска ад ворага. Услед за танкістамі да горада наблізіліся перадавыя атрады 3-й арміі, якія выйшлі на шашу Магілёў — Мінск і адкінулі адступаючыя нямецкія войскі на поўдзень. 3 выхадам злучэнняў 3-га і 1-га Беларускіх франтоў да Мінска на паўночны захад, поўдзень і паўднёвы захад ад горада было завершана акружэнне 4-й нямецкай арміі і некаторых іншых часцей. У Мінскім «катле», які знаходзіўся на ўсходзе ад горада, апынулася 105-тысячная варожая групоўка. У другой палове дня 3 ліпеня сталіца Беларусі была поўнасцю вызвалена ад гітлераўцаў. У ходзе баёў за горад праціўнік пацярпеў сур’ёзнае паражэнне: немцы страцілі 53 танкі, акрамя таго, 5 танкаў былі захоплены непашкоджанымі. Знішчана вялікая колькасць бронетранспарцёраў, аўтамашын, забіта і ўзята ў палон шмат варожых салдат і афіцэраў. На працягу некалькіх дзён савецкія войскі і партызаны пры актыўнай падтрымцы авіяцыі вялі цяжкія баі з гітлераўцамі, якія спрабавалі вырвацца з акружэння. Баі не спыняліся ні днём, ні ноччу, насілі бязлітасны характар. 7—8 ліпеня былі знішчаны або ўзяты ў палон галоўныя сілы акружаных войск, а 9—11 ліпеня — асобныя групы. Праціўнік страціў больш за 70 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і каля 35 тыс. палоннымі. У ліку палонных было 12 генералаў, з іх 3 камандзіры карпусоў і 9 камадзіраў дывізій. Агульныя страты Чырвонай Арміі пры ліквідацыі «мінскага катла» склалі 25,7 тыс. салдат і афіцэраў. 4 ліпеня 1944 г. завяршыўся першы этап аперацыі «Баграціён» грандыёзнай бітвы за Беларусь. У выніку разгрому нямецка-фашысцкіх войск пад Віцебскам, Бабруйскам і Мінскам утварыўся гіганцкі пралом да 400 км па фронту і да 500 км у глыбіню, які нямецкае камандаванне закрыць не змагло. Улічваючы становішча, якое складвалася на той час, Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання загадала 4 ліпеня працягваць імклівае наступленне ўсімі чатырма франтамі. Пачаўся другі этап аперацыі «Баграціён» — барацьба за канчатковае вызваленне Беларусі… 28 ліпеня 1944 года стаў знамянальным днём у гісторыі беларускага народа: узяццем Брэста савецкія войскі завяршылі выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі. Дарагой цаной дасталося вызваленне Беларусі. Страты войск 1-га Прыбалтыйскага, 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх франтоў і Дняпроўскай ваеннай флатыліі ў Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» склалі 765 815 чалавек, у тым ліку беззваротныя — 178 507 салдат і афіцэраў… На беларускай зямлі каля 8 500 мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў і каля 5 500 брацкіх пахаванняў з імёнамі і безыменных. Як сімвал неўміручай славы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узвышаецца ў Мінску на плошчы Перамогі велічны помнік-абеліск. Перад ім гарыць вечны агонь — напамін пра незабыўныя подзвігі патрыётаў, якія аддалі жыццё за Радзіму.